Казкі Алены Стэльмах пра самую сябе

“Крумкач” на сняданак,

абед і вячэру

Каб стаць “вядомым пісьменнікам”, не абавязкова

стварыць нешта адметнае

   Вядомая пісьменніца… надзвычай таленавітая… яе кнігі добра вядомыя… стварыла твор – наш беларускі нацынальны брэнд… шматлікія сустрэчы з чытачамі… пераклады на іншыя мовы… Усё гэта – пра Алену Стэльмах. Пра яе пішуць газеты, вяшчаюць радыё і тэлебачанне. Давайце ж зірнём на яе творчасць глыбей.

ПІСЬМО, НА ЯКОЕ НЕ БЫЛО

АДКАЗУ

   Пачаць гэты артыкул больш правільна будзе з пісьма, якое датычылася Алены Стэльмах і было даслана мной Праўленню ГА «СПБ» 3 гады таму. Вось гэтае пісьмо.

_____________________________________________________________________________________________

27 студзеня 2014 г.     

Праўленню ГА «СПБ» ад гал. рэдактара газеты

«Рэкламны Дзяржынск» Германовіча А.Ф.

  Паважаныя члены праўлення! Непакою вас, спадзеючыся атрымаць неабходныя для нашай газеты тлумачэнні.

   Справа ў тым, што разам з сваёй асноўнай задачай – размяшчэннем рэкламы, наша газета друкуе для шырокага кола чытачоў розныя даведачныя і пазнавальныя матэрыялы пра свой раён. У нашым выпадку я і суаўтары працуем над артыкулам “Пісьменнікі і паэты Дзяржыншчыны”. Зразумела, будуць у ім і даўно вядомыя людзі, і зусім новыя.

   Пэўная частка з іх – члены Саюза пісьменнікаў (у т.л. СССР). Іх літаратурныя дасягненні не выклікаюць сумненняў. Аднак у адносінах аднаго чалавека, члена вашага ГА “СПБ”, у нас узніклі пытанні. Мы маем на ўвазе Алену СТЭЛЬМАХ, якая ўступіла ў вашыя шэрагі каля года таму.

   Прычына такая: А.Стэльмах вядомая нам як журналіст, але як пісьменніка мы яе зусім не ведаем. Так, яна друкавалася ў некаторых кніжках – калектыўных зборніках на лясную тэму (зборнікі гэтыя складаліся з публікацый у «Белорусской лесной газете», якую А.Стэльмах у свой час узначальвала). Але там за яе подпісам былі звычайныя, простыя журналісцкія артыкулы, а зусім не літ.творы.

   Такім чынам, літ. твораў у А.Стэльмах проста няма, таму, на наш погляд, яна не можа лічыцца пісьменнікам. Ці, атрымліваецца, нешта змянілася ва ўмовах прыёму у СПБ, і цяпер туды можна ўступіць проста журналістам? Не хацелася б у гэта верыць.

   Калі размова зайшла пра А.Стэльмах, выкажу і іншыя думкі. Напрыклад, тое, што яна, не будучы літаратарам у традыцыйным разуменні, тым не менш, з”яўляецца… самым вядомым пісьменнікам у Дзяржынскім раёне! Дзякуючы актыўнай самапрапагандзе. Пра сябе як пра члена СПБ Алена Анатольеўна напамінае ўсюды. Дзе толькі можна адзначае, што яна аўтар шасці кніжак - прамоўчваючы, што на самой справе гэта проста зборнікі з газетных матэрыялаў.

   Пра тое, што яна член вашага Саюзу, Стэльмах шмат разоў з нагоды і без нагоды ўпамінала ў Дзяржынскай раённай газеце, якую да нядаўняга часу рэдагавала. На гэтай старонцы з “раёнкі”, якую я прыклаў да прыкладу і якую рэдактар поўнасцю прысвяціла самой сабе, пра гэта гаворыцца нават тры разы і тлустым шрыфтам.  

   Ні пра якога іншага мясцовага літаратара з раёна столькі не пішацца і не гаворыцца - рукой і вуснамі самой А.Стэльмах (зразумела, без указання літ.твораў, якіх у яе няма). Аднак шмат хто разумее, што гэта – прафанацыя, што на самой справе яна не пісьменнік. І пастаянна абмяркоўваюцца пытанні: а ці тых, каго трэба, прымаюць у Саюз пісьменнікаў Беларусі? І па якіх крытэрыях? Атрымліваецца рэпутацыі Саюза наносіцца ўпаўне адчувальны ўрон.    

   Раней мы не маглі зразумець, як яна стала заслужаным журналістам Беларусі (бо для гэтага трэба сапраўды мець значныя заслугі). Цяпер пытанне: за што яе прынялі ў Саюз пісьменнікаў?

   Але, нягледзячы на ўказаныя моманты, размясціць дадзеныя пра А.Стэльмах у сваёй газеце мы ўсё ж павінны: не так многа ёсць членаў Саюза пісьменнікаў, звязаных з нашым раёнам. Аднак проста назваць яе прозвішча не атрымаецца: трэба надрукаваць пра яе, як і пра кожнага, каля 10-15 сказаў суправаджальнага тэксту. Калі ў вас пра іншая думка пра А.Стэльмах, то, калі ласка, растлумачце, што ж нам пра яе паведамляць, будзем вельмі ўдзячныя.

  Германовіч Аляксандр Фёдаравіч. (Подпіс, адрас, тэл.).  

_____________________________________________________________________________________________

   Адказу на пісьмо мы не атрымалі (хаця, згодна з законам, нам павінны былі адказаць абавязкова, на працягу 2-х тыдняў). Але асабліва не перажывалі: вырашылі, што ў Праўлення Саюзу і без таго шмат спраў: пэўна, абмеркавалі яго сярод сваіх калег, зрабілі нейкія высновы - ну і добра, дастаткова. Значна пазней мы даведаліся, што пісьма гэтага ніхто не чытаў. Нават больш: з ім адбылася цікавая гісторыя, якая, уласна, і вымусіла мяне напісаць гэты артыкул. Але пра тое - скажу ніжэй. А тады ў сваім даведачным артыкуле “Пісьменнікі і паэты Дзяржыншчыны” мы напісалі пра Алену Стэльмах некалькі агульных радкоў, і ўсё пачало забывацца.       

У ВЯЛІКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ЗАЛАПАТАЎ

КРЫЛАМІ “КРУМКАЧ”

   І вось цяпер, праз 3 гады, нечакана для нас Алена Стэльмах стала першым намеснікам старшыні СПБ, і з гэтай высокай трыбуны пачала прапагандаваць сябе як пра пісьменніка куды шырэй і смялей (пра гэты самапіяр і пойдзе наша далейшая размова).

   Але найперш выявім, што ж зараз у яе творчым актыве? Можа, за гэтыя 3 гады яна стварыла нейкія не журналісцкія, а сапраўды літаратурныя творы? Зазірнём у яе бібліяграфію. І убачым там тыя ж кнігі, пра якія ўпаміналася вышэй. Цяпер з”явілася магчымасць назваць іх дакладна.

   Гэта выдадзеныя ў 2005 г.:

“Лесные дороги подвига”. Авт.-сост. Е. Стельмах, Т. Добыш, А. Пальчевский;       

“Лесной альманах”. Авт.-сост.- те же.

   Выдадзеная ў 2006 г.:

“Леса и лесоводы Минщины”. Авт.-сост. Е. Стельмах и др.

   Выдадзеныя ў 2009 г.:

“Глубокские вершины”. Авт.- Е. Стельмах, В. Живица.

“Зеленое богатство Буда-Кошелёвщины”. Авт.- Е. Стельмах.

  «Земляки. 65 созидательных лет Дзержинщины”. Авт.- И. Шабалинский, А. Стельмах.

   Гэта зусім не мастацкія кнігі, што бачна нават па назвах. Да таго ж, А.Стэльмах з”яўляецца аднаасобным аўтарам толькі адной з іх – “Зелёное богатство Буда-Кошелёвщины” (пра мясцовы доследны лясгас). Наўрад ці дастаткова было ўсяго гэтага, каб 4 гады таму уступіць у СПБ, затым усюды шумець пра нейкія свае літаратурныя дасягненні.

    Аднак у яе з”явіліся, аказваецца, нарэшце, і нейкія літаратурныя творы! У мінулым годзе выйшла кніжка - дакладней, кніжачка, з казкай “Дуб і крумкач”. І яшчэ адна, у суаўтарстве,- з казкай “В гостях у Франциска Скорины”. Надрукаваны два апавяданні: у “ЛіМе” - “Ленка і Генка” (24.12. 2015г.), у “Полымі” -  “Страта” (5.05. 2016г.). Было таксама каля 12 чатырохрадкоўяў у кнізе-фотаальбоме В.Цыдзіка “Зачараваны Беларуссю” (2016г.). Наколькі ведаю, больш ніякіх - менавіта літаратурных, сачыненняў у яе не надрукавана.

   Такім чынам, твораў мала, і самі яны невялікія. Больш таго – даволі шэрыя (гэта на мой асабісты погляд; пра іх мастацкія якасці паспрабую паразважаць далей). А вось тое ж шырокае самаўсхваленне працягваецца яшчэ больш. Яе бачым цяпер не ў Дзяржынску і раёне, а ў сталічных літаратурных гасцёўнях, на розных сустрэчах з чытачамі, у тэлевізійных перадачах (напрыклад, “Вялікі сняданак” на СТБ), чуем па радыё.

   Пра А.Стэльмах і яе творы пішуць розныя газеты, нават цэнтральныя (“СБ- Беларусь сегодня”, “Звязда”, “ЛіМ”). Прычым усё “круціцца” вакол аднаго твора – кніжачкі “Дуб і крумкач”. Бо іншых аднаасобных мастацкіх кніжак у яе проста няма! Пры гэтым аўтары, абапіраючыся на фантазіі А.Стэльмах пра самую сябе, не шкадуюць высокіх слоў, звяртаюцца да нейкіх неймаверных параўнанняў, быццам гэтая казка - вялікі і доўгачаканы шэдэўр, прарыў у літаратуры, а яе аўтар – вядомы пісьменнік.  

“НОВАЯ, НАДЗВЫЧАЙ ГЛЫБОКАЯ,

ФІЛАСОФСКАЯ КАЗКА”

   Возьмем некалькі апошніх публікацый. Карэспандэнт “Белорусской лесной газеты” ў інтэрв”ю “Па лясных сцяжынках да “Дуба і крумкача” (14.07.2016г.) адзначае, што А.Стэльмах - “аўтар новай арыгінальнай казкі”. Далей журналіст піша, што гэтую казку “высока ацанілі спецыялісты”. Аўтар артыкула здзіўляецца: “адкуль такая глыбіня казкі, яе філасофскае гучанне?”, смела заяўляе, што казка - “наш нацыянальны брэнд”. Затым чытаем, што гэтая казка “робіць адметнай яе творчасць як члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, члена Саюза пісьменнікаў Расіі”. (Тут намёк, быццам бы да гэтай казкі ў члена двух Саюзаў і сапраўды была нейкая грунтоўная пісьменніцкая творчасць. Але ў тым і справа, што не было!).

    Карэспандэнт “Звязды” ў артыкуле “Дзёрзкасць ці мудрасць?” (21.07.2016г.), прысвечаным, кніжцы з творам “Дуб і крумкач”, падкрэслівае, што “…у выданні такой маленькай формы чытач пазнаёміцца з надзвычай глыбокай філасофскай казкай”.

   А журналіст газеты “Прысталічча” ў інтэрв”ю “Што яднае Алену Стэльмах і графа Чапскага” (18.09. 2016г.), зачараваны аповедам А.Стэльмах пра самую сябе, піша:

   “…вядомая дзіцячая пісьменніца… з-пад пяра гэтай надзвычай таленавітай жанчыны (таленавітай у самапіяры! -Аўт.) ў апошнія некалькі гадоў выйшаў цэлы шэраг цікавых твораў, разлічаных на дзяцей і падлеткаў” (на самой справе толькі “Дуб і крумкач”- вось і ўвесь “шэраг”).

   Добра ўскружыла яна галаву і карэспандэнту “Мінскай праўды”. У інтэрв”ю “Алена Стэльмах: Шчаслівы той, хто не стаіць на месцы” (18.02. 2017г.) ва ўступе сказана:

   “…Аўтар і суаўтар кніг: «Лесные дороги подвига», «Глубокские вершины», «Земляки. 65 созидательных лет Дзержинщины», «Зачараваны Беларуссю» і інш. (на самой справе слова “аўтар” тут лішняе, бо ў пералічаных кніжках яна толькі суаўтар. Да таго ж дачыненне да мастацкай літаратуры - а размова з А.Стэльмах вядзецца менавіта як з аўтарам літ. твораў,- мае толькі апошняя з іх).

   Ну, і далей у інтэрв”ю - высокія словы і эпітэты пра “шматлікія сустрэчы з чытачамі”, пра “талент, які заўсёды трэба трымаць у “тонусе”, пра “добра вядомыя вам мае кнігі” (тут намёк, быццам бы гэтых кніг шмат, і яны мастацкія, але гэта толькі “Дуб і крумкач”), пра тое, што “ў літаратуры яна сталы аўтар” (дакладней было б сказаць не “сталы аўтар”, а “аўтар, які робіць першыя крокі ў літаратуры”; праўда, у чытачоў газеты адразу ўзнікла б пытанне, чаму гэты пачатковец стаў 1-м намеснікам старшыні СПБ), што “для пісьменніцы Алены Стэльмах творчы настрой - бы тая асалода” і г.д.

   Такім чынам, у разгледжаных газетных інтэрв”ю (а ёсць яшчэ падобныя публікацыі ў іншых выданнях, у інтэрнэце) шмат высокіх ацэнак і шматабяцальных намёкаў. Аднак падрабязная размова ў іх вядзецца, зноў жа, толькі пра казку “Дуб і крумкач” (і яшчэ - пра “В гостях у Франциска Скорины”, якую А.Стэльмах напісала ў суаўтарстве з дачкой і двума ўнучкамі). Пра “Крумкача” ж яна распавядае ў іншых публікацыях, на тэлебачанні, на сустрэчах з чытачамі.

   І што, адной невялікай казкі дастаткова, каб так усхваляцца? На шчасце А.Стэльмах, ніхто яе казак пра самую сябе не правярае, у нас прынята верыць пісьменнікам (ды такім не варта). Тут хацелася б папракнуць і сваіх калег-журналістаў, якія так давяраюцца словам самапіяршчыцы.

КРУМКАЧ, ЁН ЖА “ВОРОН”,

 “ОРЁЛ” І… “ОРЕШНИК”

   …І ўсё ж што гэта за цуд такі - казка “Дуб і крумкач”, вакол якой незразумела чаму А.Стэльмах узняла тлум на ўсю нашу сталіцу і нават краіну?

   Найперш, у ёй даўно вядомы сюжэт. Набярыце ключавыя словы ў інтэрнэце “дуб” і //ворон//, //орёл// або нават //орешник//, //лодырь//, і вы ўбачыце нямала падобных казак, у асноўным народных. Іх мараль таксама добра знаёмая: дуб сімвалізуе дабрыню, цвёрдасць духу, высокую свядомасць, а іншыя героі – адваротныя якасці. Казка Стэльмах, на мой асабісты погляд, неарыгінальная, занадта традыцыйная. А галоўнае, у тэксце не бачна, як можна меркаваць, свежасці вобразаў і выразаў, мала дынамічнасці, мова грувасткая, цяжкаватая.

   Адным словам, нічога асаблівага. Чым тут хваліцца, навошта выдаваць “Дуба і крумкача” за нейкае высокае дасягненне бел. літаратуры? (Тут трэба сказаць і пра напісаную ёю ў суаўтарстве казку “В гостях у Франциска Скорины”, якая пазначана псеўданімам Ева НЭММ; там таксама не бачна нічога адметнага; хаця, можа, для маленькіх чытачоў яна і цікавая).

   Невясёлыя думкі ўзнікаюць і пасля прачытання яе апавядання “Страта” ў часопісе “Полымя”- пра жыццё старой жанчыны: нясвежа, грувастка, нудна, шматслоўна, зацягнута, месцамі падобна на нейкую газетную замалёўку. Прыблізна тое ж можна сказаць пра апавяданне “Ленка і Генка”- пра сустрэчу з аднакласнікам. Вось і ўсе яе  “дасягненні”. (Я выказваю асабістае меркаванне пра яе творы, і быў бы шчаслівы памыліцца). Відаць, Алена Анатольеўна добры журналіст, але на пісьменніка, падобна, “не цягне”.

МОЖА, КАЗАХІ ЗАЧЫТВАЮЦЦА

“ЛЕНКАЙ І ГЕНКАЙ”?

   Аднак яе самапіяр, менавіта як пісьменніцы, працягваецца. Больш за тое, рамак сваёй краіны для Алены ўжо мала. Бо яна ўсюды кажа, што яе творы вядомыя чытачам не толькі Беларусі, але і замежжа, і быццам бы перакладзены на іншыя мовы. Працягнем цытаты з ужо ўпамянёных артыкулаў.

   “Бел. лесная газета” піша, што кніга “Дуб і крумкач” “…заўважная і для замежнікаў”. (Як жа яе “заўважаюць” замежныя чытачы, яны ж не ведаюць па-беларуску. Атрымліваецца, не паспеў гэты “наш нацыянальны брэнд” выйсці, як яго тут жа пераклалі?). “Прысталічча” адзначае, што немаведама адкуль узніклы яе “цэлы шэраг цікавых твораў” разлічаны на “…у тым ліку і чытачоў замежжа”. “Мінская праўда”: “Творы друкаваліся ў літаратурных часопісах Казахстана, Кабардзіна-Балкарыі, Таджыкістана. Ёсць пераклады на іншыя мовы” (трэба разумець, што творы друкаваліся на мовах указаных народаў і, акрамя гэтага, яшчэ магчыма і на ангельскай, нямецкай і г.д.?).

   Якім жа чынам яе творы сталі “заўважнымі” за мяжой, і што гэта за пераклады, пра якія нічога не чутна?.. Яны, упаўне магчыма, ёсць! Але гэта, наколькі мне зразумела, не пераклады яе нешматлікіх і сціплых літ. сачыненняў, а - дарожных нататкаў, бо яна падтрымлівае сувязі з рознымі пісьменнікамі СНД (некаторыя нататкі мы чыталі ў нашай дзяржынскай “раёнцы” ў часы працы А.Стэльмах ў ёй: тады яна наведвала К.-Балкарыю).   

   Яна фантазіруе пра пераклады літ. твораў, каб падкрэсліць сваю значнасць, бо абы-што друкаваць на іншых мовах не будуць. Хаця ўсё ж нейкая мастацкая публікацыя ў замежным выданні ў яе маецца, пра гэта паведамляецца ў яе блогу ў Інтэрнэце. Казахскі часопіс - пры гэтым рускамоўны, надрукаваў ужо названае намі апавяданне “Ленка і Генка”. Дык нават чалавеку далёкаму ад літаратуры стане зразумела, што яно слабое, неглыбокае. І чаму ім зацікавіўся гэты літ. часопіс?..

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

ІМЯ АЛЕНЫ СТЭЛЬМАХ

   На службу сампіяру Алена Анатольеўна паспяхова паставіла Інтэрнэт. Размова пойдзе пра яе асабісты сайт у Сеціве. Здавалася б, кожны можа стварыць у Інтэрнэце сваю старонку (сайт, блог) і пісаць тут пра сябе ўсё, што захоча, і наш крытычны разгляд яе інтэрнэт-старонкі быў бы заняткам некарэктным. Але тут справа трохі не тая. Бо Стэльмах, акрамя іншага, выступае ў ёй як афіцыйная асоба, як першы намеснік старшыні СПБ.

   Напачатку адзначу, што асабістыя інтэрнэт-сайты пісьменнікаў – рэдкасць, іх маюць толькі адзінкі членаў СПБ (па нашых назіраннях), і старонкі гэтыя малыя, лаканічныя. Зусім іншая справа – у А.Стэльмах. Набярыце ў любой пошукавай сістэме яе імя і прозвішча, і адразу ж убачыце спасылку на яе сайт. Называецца ён грунтоўна:  “Блог Елены Стельмах. Мир писателя”. Пазнаёміўшыся з ім бліжэй, будзеце ўражаны яго аб”ёмам, яркасцю і зразумееце, што падобнага не мае ніхто ў СПБ. А яшчэ больш будзеце здзіўлены… нясціпласцю яго ўладальніцы.

   У блогу дэталёва адлюстраваны многія крокі А.Стэльмах на творчай і жыццёвай ніве, пачынаючы з ранняга дзяцінства. Змешчана нават дзіцячая запіска, адрасаваная бацьку і маці. Навошта ўсе гэтыя падрабязнасці?- сайт жа разлічаны не на сямейны прагляд, а на шырокае кола чытачоў. Можа, яны - для будучых біёграфаў нашай гераіні?..

   У анонсе да блогу адзначана, што тут прадстаўлены яе “лучшие книги”. Гэта намёк, што іх быццам бы шмат, але клапатлівы аўтар, каб не перагружаць чытача, выбраў толькі самыя выбітныя. Якія ж? Ды тыя, якія я ўжо назваў (“Лесные дороги подвига» і г.д.), прычым у сваім поўным пераліку.

   Змешчаны водгукі пра яе творчасць: “ах, Алена, добры геній”, “таленавіты празаік”, “гонар нашай краіны” і г.д.

   Здавалася б, усе гэтыя звесткі - яе асабістая справа, ды тут ёсць іншы бок. Паколькі перад намі важная асоба ў СПБ, хочацца ўбачыць у гэтай маштабнай інтэрнэт-старонцы сапраўднага творцу, у якога могуць павучыцца іншыя празаікі і паэты. Аднак дзе ж тут пісьменнік (мы бачым у асноўным журналіста), дзе гэты самы “мир писателя”? Няўжо гэта толькі той жа надакучлівы “Дуб і крумкач”, наіўныя “Ленка і Генка”, “Страта” і 12 просценькіх вершаваных 4-радкоўяў?

   Недахоп грунтоўнасці ў сваіх літаратурных дасягненнях Алена кампенсуе падрабязнымі ілюстраванымі звесткамі пра свае кантакты з рознымі адметнымі асобамі з літ. сферы, пра свой удзел у пісьменніцкіх мерапрыемствах. У яе блогу таксама шмат іншых афіцыйных паведамленняў і рэпартажаў. Ствараецца ўражанне, што дасягненні Саюза пісьменнікаў Беларусі і творчасць Алены Стэльмах - гэта паняцці непадзельныя і, больш за тое, раўназначныя. Тут бачыцца нешта падобнае на злоўжыванне службовым становішчам: да самапіяру на асабістым, прыватным блогу прыцягнута, своеасаблівым чынам, салідная грамадская арганізацыя.  

   Думаецца, афіцыйная інфармацыя - у тым ліку з удзелам А.Стэльмах, павінна размяшчацца толькі на афіцыйным інтэрнэт-сайце СПБ. І такі сайт ёсць, ды яе блог, атрымліваецца, канкурыруе з ім ці не на роўных. Але нават калі зойдзеце на сайт СПБ, дык… адразу ж натыкнецеся на ім на вялікую, прыкметную спасылку на “Блог Елены Стельмах”: самапіяршчыца парупілася пра сябе і тут.

ПІСЬМО ЗНАЙШЛОСЯ ПАСЛЯ

АДСТАЎКІ

   Хтосьці можа сказаць: ну няхай складае А.Стэльмах казкі пра самую сябе, піярыцца на пустым месцы, каму ад гэтага шкода?

   Але ж падобныя “пісьменнікі”, трэба разумець, зусім не бяскрыўдныя, не лепшым чынам уплываюць на маральны стан у ГА “СПБ”, на яго імідж. Яны скажаюць рэальны стан спраў у літаратуры, ставяць тармазы сапраўдным творцам. У сувязі з гэтым самі сабой успамінаюцца такія выразы, як: “карысныя знаёмствы”, “сяброўскія паслугі”, “прабіўныя здольнасці”, “слава любым спосабам”, “хлусі - ніхто не праверыць”, “быць бліжэй да выдавецтва” і г.д., якія неяк не дапасуюць да твару мастака слова і пісьменніцкага аб”яднання. Узнікае думка: а колькі яшчэ ў Саюзе такіх “пісьменнікаў”?.. Таму павінна яго Праўленне несці нейкую адказнасць за падобныя паводзіны сваіх членаў, а тым больш кіраўнікоў.

    Тут зноў хацелася б вярнуцца да пісьма, якое было прыведзена ў пачатку артыкула, і на якое мы не атрымалі адказу. Аказваецца, яго у “СПБ” ніхто і не бачыў. Акрамя тагачаснага першага намесніка старшыні Саюза Г.Пашкова, які паклаў яго ў стол і нікому не паказваў. Толькі пасля адстаўкі Пашкова, калі пачалі перабіраць яго паперы, пісьмо знайшлі, прачыталі; ды Стэльмах заявіла, што пісьмо - гэта нечыя ананімка, і такога Германовіча наогул не існуе (гэта пры тым, што мы некалі 4 гады разам працавалі ў раённай газеце!).

   І ўсё ж разабраліся, што такі чалавек – не прыдумка, а рэальная асоба, а “зверху” на гэты раз паступіла распараджэнне, каб на пісьмо далі адказ. Аднак дагэтуль нам нічога не прыйшло, хоць усе тэрміны, адведзеныя для гэтага Законам, даўно мінулі. Атрымліваецца, у праўленні Саюза робіцца нешта не тое? Нам стала крыўдна, і ў выніку мы вырашылі змясціць нашы прэтэнзіі да Саюза пісьменнікаў і асабіста Алены Стэльмах на інтэрнэт-старонцы нашай газеты ў выглядзе вось гэтага артыкула.   

   Пэўна, толькі сама А.Стэльмах ведае, навошта ёй праўдамі і няпраўдамі ўступаць у розныя Саюзы, дамагацца нейкіх званняў, прабівацца ў выданні СНД, каб потым усюды расказваць пра свой статус і сваю “вялікую” творчасць. Новая пасада ў СПБ дае ёй для гэтага яшчэ большыя магчымасці, і яна карыстаецца імі спаўна. (Больш за тое, заадно робіць “знакамітымі” і сваіх унучак - суаўтараў кніжачкі “В гостях у Франциска Скорины”. Іх таксама бачым на тэлебачанні, на прэзентацыях гэтай казкі перад чытачамі).

   І НАРЭШЦЕ: А.СТЭЛЬМАХ - АМАЛЬ

НОБЕЛЕЎСКІ ЛАЎРЭАТ?

   Нядаўна выйшла яшчэ адна тэлеперадача з удзелам А.Стэльмах: на “Мінск ТБ” было паказана ток-шоу “Давайце разбярэмся” (17.03. 2017г., пазней яно паўтаралася).

   Дык вось, калі вядучы прадстаўляў гледачам сваю субяседніцу Алену Стэльмах - як пісьменніцу, першага намесніка старшыні СПБ, то адзначыў, што “на яе рахунку – 7 кніг, дзясяткі апавяданняў (???), нарысаў і эсэ”.

   Зразумела, прадстаўляў з яе словаў. Зноў - тое ж звыклае самаўсхваленне, перабольшанне. Пра кнігі: тут быццам бы само сабой ясна, што яны - мастацкія; але якія менавіта, мы ведаем. Да таго ж, яна з”яўляецца самастойным аўтарам толькі двух - “Дуб і крумкач” і “Зелёное богатство Буда-Кошелёвщины». Пра апавяданні: іх надрукавана толькі два - “Страта” і “Ленка і Генка”, а зусім не “дзясяткі”. Пра нарысы: ні адну з яе публікацый нельга назваць нарысам у яго класічным разуменні - гэта проста звычайныя газетныя артыкулы або моцна расцягнутыя замалёўкі (я выказваю асабістую думку, і магу памыляцца). Што маецца на ўвазе пад эсэ, і наогул незразумела.

   Асабліва ўразілі наступныя словы вядучага: аказваецца, “яе творы адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі”.

   Гэтая чарговая казка Алены Стэльмах пра самую сябе занадта ж ужо смелая. Так, яна мае ўзнагароду - кабардзіна-балкарскі медаль імя Алі Шагенцукава (ды і то, трэба разумець, не за літ. творы, а за ўклад у развіццё кантактаў паміж пісьменнікамі). І гэта, наколькі мы ведаем, - усё.

   Калі такая пахвальба пойдзе і далей, то аўтарка “Дуба і крумкача” і “Зелёного богатства Буда-Кошелёвщины” ў хуткім часе пачне распавядаць журналістам і ўсім іншым, што ёй прысуджана Нобелеўская прэмія!   

Аляксандр ГЕРМАНОВIЧ.

7.04.2017г.

Опубликовано: 7.04.2017  17:45 Просмотров: 6721