Iмёны

Дзяржыншчына літаратурная

Iмёны

 

У гэтым спісе пералічаны наступныя пісьменнікі і паэты (усяго 37): 

 

Карусь Каганец. Шушкевіч Станіслаў. Лукаш Калюга. Сям”я Рэйзіных: Калман, Абрам, Залман, Сара. Вольскі Артур. Жыбрык Ніна. Алесь Рыбак. Брайдэр Юрый. Адам Глобус. Сабалеўскі Анатоль. Івашын Васіль. Валахановіч Анатолій. Калеснік Іван. Рэўтовіч Галіна. Семяновіч Антон. Галуза Аляксандр. Савіч Лідзія. Тумаш Генадзь. Шаціла Віктар. Дзмітрусёва Таццяна. Сераокая Валянціна. Шымановіч Уладзімір. Дзікая Ала. Дзмітракоў Андрэй. Круглік Людміла. Куртава Любоў. Кліміхіна Марына. Савінаў Барыс. Стэльмах Алена. Шкелб Павел. Казак Галіна. Анісовіч Антон. Фінкер Аляксандр. Матусевіч Ірына. Жыбурт Вольга.

 

   Складальнікі вырашылі ўмоўна падзяліць спіс на 4 часткі – з улікам значэння імёнаў у літаратуры, а таксама храналогіі.

х  х  х

 

Карусь КАГАНЕЦ (Кастравіцкі Казімір Карлавіч, 1868-1918). Пісьменнік, мастак, скульптар. Нарадз. ў Табольску. Жыў і памёр у в.Вялікія Навасёлкі Дзярж. р-на.

Сын удзельніка паўстання 1863-1864гг., сасланага ў Сібір. Вучыўся у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, ваяння і дойлідства. Працаваў настаўнікам, ляснічым. За рэвалюцыйную агітацыю ссылаўся.

Друкаваўся з 1893г. Аўтар драмы “У іншым шчасці няшчасце схавана” (1919), камедыі “Двойчы прапілі” (1919). Ананімна выдаў першы “Беларускі буквар” (1906). Збіраў беларускі фальклор, казкі, паданні. Мае буйныя скульптурныя і жывапісныя працы.

 

ШУШКЕВІЧ Станіслаў Пятровіч (1908-1991, нарадз. у в.Бакінава Дзярж. р-на). Паэт, празаік, член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934г. У 1926-1928гг. вучыўся ў Беларускім пед. тэхнікуме. У 1934 г. скончыў крытыка-творчае аддзяленне літ. факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску.

Быў членам літ. аб’яднання "Маладняк", БелАПП. Працаваў у дзяржаўнай бібліятэцы БССР, затым у рэдакцыях газет "Літаратура і мастацтва", "Калгаснік Беларусі" і "Звязда". У 1936г. неабгрунтавана рэпрэсіраваны, у 1949г. паўторна арыштаваны. У 1956г. рэабілітыраваны і стаў працаваць у газеце "Мінская праўда". Апошняе месца працы газета "Літаратура і мастацтва".

Канчаткова рэабілітаваны толькі ў 1975г. Аўтар дзесяткаў паэтычных зборнікаў і апавяданняў: "Вершы" (1934), "Дарогаю вясны" (1959), "Навальніца" (1966), "Сябрам" (1972), "Рэха Маладосці" (1984) і інш.

Выдаў некалькі кніжак для дзяцей. У 1975 і 1988гг. выйшлі "Выбраныя творы" ў двух тамах і "Выбранае". У 1983 г. яму прысвоена званне Заслужанага работніка культуры Беларускай ССР. 

 

Лукаш КАЛЮГА (Вашына Канстанцін Пятровіч, 1909-1937). Празаік. Нарадз. ў в.Скварцы Дзярж. р-на. Закончыў Беларускі педагагічны тэхнікум (1931). Працаваў стыль-рэдактарам у НДІ Вышэйшага Савета Народнай гаспадаркі БССР. Уваходзіў у літ. аб’яднанне “Узвышша”. Быў незаконна рэпрэсіраваны і расстраляны. У далейшым рэабілітаваны.

Пакінуў багатую літаратурную спадчыну. У 1928г. часопіс “Узвышша” надрукаваў яго аповесць “Ні госць, ні гаспадар”, а ў 1931г. часопіс “Полымя”- аповесць “Нядоля Заблоцкіх”. Пераклаў на беларускую мову некалькі раманаў замежных пісьменнікаў. 

 

Сям'я РЭЙЗІНЫХ. Нарадзіліся ў Койданаве. 1.Рэйзін Калман (1848-1921). Яўрэйскі паэт-самавук, аўтар некалькіх фэльетонаў ды вершаў на іўрыце (зборнік «Іёна хомія» — «Галубка, якая буркуе») і на ідыш. Ведаў некалькі замежных моваў. Бацька пісьменнікаў Абрама, Залмана і Сары Рэйзіных. 2.Рэйзін Абрам (1876-1953). Вядомы яўрэйскі пісьменнік. Першы зборнік вершаў выпусціў у 1902г. Многія яго вершы сталі народнымі песнямі, а паэт заслужана меў сусветную славу. З 1917г. жыў у ЗША. 3.Рэйзін Залман (1887-1941). Яўрэйскі пісьменнік. У 1919 - 1939гг. - галоўны рэдактар яўрэйскай газеты "Дзень". Шмат гадоў быў старшынёй Саюза яўрэйскіх журналістаў у Вільні. У Нью-Йорку выдаў пашыранае выданне "Лексіка ..." ў 8 тамах. У 1939 г. быў арыштаваны. 4.Рэйзіна Сара (1885-1974). Паэтка, празаік, перакладчыца, з 1933г. жыла ў ЗША. Аўтар цэлага шэрагу зборнікаў паэзіі. Перакладала на ідыш творы Пушкіна, Тургенева, Талстога, Тагора і інш

 

Алесь САЛАВЕЙ (сапр. Радзюк Альфрэд, 1922-1978), нарадз. у в.Крысава Дзярж. р-на). Паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы. Першыя вершы  надрукаваў у 1937г. у раённай газеце “Ударнік Дзяржыншчыны” і часопісе “Піянер Беларусі”. З-за арышту бацькоў у выніку палітычных рэпрэсій вымушаны быў пакінуць вучобу, узяў на сябе клопат па выхаванню малодшых брата і сястры. У час акупацыі працаваў вярстальшчыкам у тыпаграфіі, у іншых месцах (у тым ліку ў г.Рыга).

Аказаўся ў Заходняй Еўропе. У 1949г. з сям’ёй выехаў у Аўстралію і абаснаваўся ў Мельбурне, выконваў некваліфікаваную работу на будоўлях.

Аўтар кніг паэзіі “Мае песні” (Рыга, 1944), “Сіла гневу” (Аўстрыя, 1948), “Няўтоеная краса” (Нью-Йорк – Мельбурн, 1982). Напэўна, упершыню аўстралійская паэзія загучала на беларускай мове. А.Салавей займаўся перакладамі на бел. мову класікаў сусветнай літаратуры, вёў перапіску з сябрамі і калегамі па пяру.

У 2011  годзе ўпершыню ў Беларусі выйшла кніга яго твораў.

 

ВОЛЬСКІ Артур (Артур Вітальевіч Зэйдаль-Вольскі, 1924-2002). Паэт, празаік. Нарадзіўся ў Дзярж. Бацька яго таксама быў вядомым пісьменнікам і драматургам.

Вучыўся у Віцебскім мастацкім вучылішчы (1938-1941). У час вайны служыў у ваенна-марскім флоце на Далёкім Усходзе. З 1963г. - загадчык літаратурна-педагагічнай часткі, а з 1966г.- дырэктар Беларускага тэатра юнага гледача. З 1978г.- дырэктар Дома літаратараў, літкансультант Саюза пісьменнікаў БССР. У 1981-1984гг.- старшы рэдактар выдавецтва “Юнацтва”.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1955г. Першы літ. твор надрукаваў у 1937г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Водблескі далёкіх маякоў (1958), “Дабрата” (1966), “Выратавальны круг” (1974), “Строма” (1982), “Наваселле дрэў” (1990) і інш.

Напісаў шэраг кніг для дзяцей (паэзія, проза, казкі). Аўтар п’ес. На Беларускім тэлебачанні пастаўлена накалькі спектакляў па яго творах. Койданаўскай бітве сярэдзіны 13в. прысвяціў паэму “Паланянка” (1962). Займаўся перакладамі класічнай літаратуры.

 

ЖЫБРЫК (Умецкая) Ніна Іосіфаўна (1933-2012), нарадз. ў в.Малыя Навасёлкі Дзярж. р-на). Паэт. Паступіла на біялагічны факультэт БДУ. Выйшаўшы замуж, пераехала у Марыйскую Аўтаномную рэспубліку. З 1972г. працавала ў розных газетах. Пасля ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Расіі працавала як прафесійны літаратар.

Першы верш Н.Жыбрык быў апублікаваны ў Беларусі. Надрукавала дзесяць паэтычных зборнікаў: "Лесная криница" (1983), "Вересковая поляна" (1987), "Танец сыроежек" (1978), "Азбука в стихах" (1999) і інш.

 

Алесь РЫБАК (Аляксандр Пятровіч, нарадз. ў 1934г. у в.Макаўчыцы Дзярж. р-на). Празаік. У 1958 г. закончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у рэдакцыях Дзяржынскай, Радашковіцкай і Бягомльскай раённых газет, у часопісах “Вожык”, “Бярозка”, на Беларускім радыё, у Саюзе пісьменнікаў БССР.

Член Саюза пісьменнікаў СССР (1973). Аўтар цэлага шэрагу кніг: “Дарогі бываюць розныя” (1972), “Што пасееш…” (1982), папулярнага рамана “Трэба было жыць” (1990) і інш. У рамане “Галаброды” (2006) аўтар як бы падводзіць вынікі сваёй творчасці.

 

БРАЙДЭР Юрый Міхайлавіч (1948-2007). Пісьменнік-фантаст. Жыў і працаваў у Дзярж. Пісаў у сааўтарстве з Мікалаем Чадовічам. Закончыў Мінскі тэхнікум сувязі. Пісьменніцкая кар’ера не перашкодзіла працаваць у органах міліцыі, даслужыўся да звання маёра і выйшаў на пенсію.

З 1996г. - член Літаратурнага журы “Странник” (Масква). Узнагароджаны шэрагам прэстыжных расійскіх прэмій. На міжнародным фестывалі фантастыкі “Зорны мост-2003” яго раман “Гвоздь в башке” стаў лаўрэатам і прызнаны лепшым сярод 94 прадстаўленых раманаў. Кнігі пісьменніка выходзяць шматтысячнымі тыражамі і перакладзены на многія мовы свету.

 

Адам ГЛОБУС (Уладзімір Вячаслававіч Адамчык, нарадз. ў Дзярж. ў 1958г.). Паэт, празаік. З бацькамі пераехаў у Мінск. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы на педагагічным аддзяленні. У 1983г. закончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у часопісе “Крыніца”.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1988г. Аўтар кнігі паэзіі “Парк” (1988), зборнікаў “Адзінота на стадыёне”, “Ваўкалакі” (1991), “Лірыка” (2009) і інш.

 

х  х  х

 

САБАЛЕЎСКІ Анатоль Вікенцьевіч (1932-2012), нарадз. ў в.Андрыеўшчына Дзярж. р-на.). Мастацтвазнаўца, празаік, крытык, педагог. Закончыў Бараўскую школу, затым БДУ (1958). З 1961г. выкладаў у Беларускай Акадэміі мастацтваў, з 1984 па 1989гг.- яе рэктар. З 1993 па 2000гг.- загадчык кафедры ва Ўніверсітэце культуры. Адначасова з 1992 па 1998гг.- галоўны рэдактар часопіса “Тэатральная Беларусь”. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар. Член Саюза пісьменнікаў з 1964г.

Аўтар аповесці “Жылі-былі хлопцы…” (1961), успамінаў. У цэлым яго пяру належаць дзесяткі кніг і сотні артыкулаў. 

 

ІВАШЫН Васіль Уладзіміравіч (1913-2009), нарадз. ў в.Ляхавічы Дзярж. р-на). Літаратуразнаўца, педагог. Паэт і празаік. Акадэмік акадэміі педагагічных навук СССР, доктар філалагічных навук, прафесар.

Закончыў Мінскі педагагічны інстытут (1938), з 1946г.- супрацоўнік  Інстытута літаратуры АН БССР, у 1967-1978гг.- дырэктар НДІ педагогікі Міністэрства адукацыі Беларусі. Аўтар шматлікіх навуковых прац. Выпусціў шэраг паэтычных зборнікаў.

В.Івашына можна смела змясціць у Кнігу рэкордаў як самага старэйшага дэбютанта ў гісторыі паэзіі. Сваю першую кнігу вершаў “Слова” надрукаваў у 1995г., калі яму споўнілася 82 гады.

 

ВАЛАХАНОВІЧ Анатолій Іосіфавіч (1939-2016). Гісторык-журналіст, краязнаўца, пісьменнік. Закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1961). Настаўнічаў у Дяржынскім і Уздзенскім раёнах, працаваў у выдавецтвах.

Даследаваў праблемы гісторыі, літаратуры, краязнаўства. Аўтар навуковых і навукова-папулярных кніг пра Дзяржынскі раён, шматлікіх артыкулаў на іншыя тэмы. Пісаў аповесці, апавяданні, эсэ, казкі.

 

КАЛЕСНІК Іван Іванавіч (1932-1979), нарадз. ў в.Грытчына Дзярж. р-на). Паэт. Закончыў журфак БДУ і Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Працаваў літкансультантам і рэдактарам у розных выдавецтвах. Шмат пісаў.

Аўтар зборнікаў вершаў “Белыя каштаны” (1959), “Пяць сузор’яў” (1963), “Калі разам мы” (1967), “Інтэрнат” (1971), “Юнацтва” (1975) і г.д.

 

РЭЎТОВІЧ Рэгіна Іосіфаўна (нарадз. у 1952г. на Стаўбцоўшчыне). З школьных гадоў пражывае ў Дзяржынску. Простая беларуская жанчына, надзеленая вялікім духоўным багаццем і творча-паэтычным талентам.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2013г. У яе актыве – пяць паэтычных зборнікаў і цэлы россып твораў, надрукаваных у раённай газеце “Узвышша”.

 

х  х  х

 

СЕМЯНОВІЧ Антон Аляксандравіч (1917-2000), нарадз. ў в.Шабунёўшчына Дзярж. р-на). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1945). Працаваў слесарам, настаўнікам, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР. З 1971г. - загадчык кафедры беларускай літаратуры Мінскага педінстытута.

Доктар філалагічных навук, прафесар. Пісьменнік. Друкаваўся з 1949г. Аўтар манаграфій "Кандрат Крапіва", "Змітрок Бядуля" і інш. Суаўтар шэрагу падручнікаў. Яго пяру належыць мноства артыкулаў і публікацый розных літ. жанраў.

 

ГАЛУЗА Аляксандр (1911-2003, нарадз. ў Старадарожскім р-не). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў настаўнікам у Негарэльскай СШ.

Са сваім паэтычным талентам знаёміў чытачоў раённых газет «Сцяг Кастрычніка", стаўбцоўскай "Прамень", часопісаў "Бярозка", "Вясёлка" і інш. У 1993г. у часопісе "Маладосць" апублікаваў аўтабіяграфічную аповесць. Многія гады быў кіраўніком літаратурнага аб’яднання пры райгазеце «Сцяг Кастрычніка".

 

САВІК Лідзія Сямёнаўна (нарадз. у 1936г. у Любанскім раёне). Празаік, літаратуразнаўца. Закончыла Дзяржынскую СШ №1 і БДУ (1962). Працавала ў вышэйшых навучальных установах Мінска.

Кандыдат філалагічных навук, прафесар (2001). Аўтар кніг “Адчуванне часу…” (1981), “Каб не астыла цяпло зямлі” (1984), “Вяртанне” (1993) , а таксама шматлікіх апавяданняў, нарысаў, артыкулаў і навуковых работ. Асабліва значная манаграфія “Жыццяпіс Б.Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта”.

 

Генадзь ТУМАШ (Тумас Яўген Дзмітрыевіч; нарадз. ў 1940г. у в.Кукшавічы Дзярж. р-на). Паэт. У 1964г. скончыў БДУ. Працаваў у школе, у Інстытуце мовазнаўства АН БССР, на Беларускім тэлебачанні, у Літ. музеі Я.Коласа, у апараце Саюза беларускіх пісьменнікаў, у Беларусім універсітэце культуры. Друкуецца з 1957г. У паэтычным зборніку “Лінкос” (1970) звярнуўся да гісторыі свайго краю, нацыянальнай праблематыкі.

Аўтар грунтоўнай кнігі пра Я.Коласа (1982), шматлікіх літаратурна-навуковых артыкулаў, пераклаў на бел. мову цэлы шэраг рускамоўных паэтаў. У 2001г. выпусціў кнігу для дзяцей  “Лісіца з Расохі”.

 

ШАЦІЛА Віктар Вікенцьевіч (нарадз. ў 1973г. у в.Калоднікі Дзярж. р-на). Паэт са сваім бачаннем свету, свежымі мастацкімі вобразамі. Друкуецца ў розных беларускіх выдавецтвах. Паэтычныя кнігі: "Белы Чалавек" (1997), "Пакуль ня згасне рэха" (1998).

 

х  х  х

 

ДЗМІТРУСЁВА Таццяна Паўлаўна (1948-1998), нарадз. ў Касцюковіцкім р-не). Паэт. У 1977г. закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працавала загадчыцай літ. аддзела газеты “Чырвоная змена”, намеснікам рэдактара газеты “Піянер Беларусі”, рэдактарам газеты “Кнігарня”. Пазней працавала ў “Настаўніцкай газеце”.

Аўтар двух паэтычных зборнікаў “Асеннія святы” і “Зажынкі”. У апошні час жыла і тварыла ў в.Клачкі Дзяржынскага р-на.

 

СЕРАОКАЯ Валянціна Фёдараўна. Нарадзілася на Украіне. Апошнія гады жыве ў Дзяржынску. Гісторыя жыцця аўтара - пазнанне Зямлі. Яна аб’ехала Савецкі Саюз, пабывала ў многіх краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі. Яе найбагатыя ўражанні адлюстраваны ў трох паэтычных кнігах. Найбольш поўная «Спасибо, звёзды» выйшла ў 2007г .

 

ШЫМАНОВІЧ Уладзімір Міхайлавіч (нарадз. ў 1963 г. у Варкуце). Прыйшлося шмат паездзіць па Савецкім Саюзе, пакуль не абгрунтаваўся ў в.Чэрнікаўшчына Дзярж. р-на. Рускі па нацыянальнасці, ён хутка асвоіўся ў Беларусі, палюбіў яе, вывучыў мову і стаў пісаць вершы гэтак жа лёгка на беларускай, як і на рускай.

Яго першая і выдатная кніга светлых вершаў называецца "Память". Другі паэтычны зборнік -“Бокал любви».

 

ДЗІКАЯ Алла Пятроўна (нар. у 1941 г. пад Ашмянамі). Скончыла педагагічны інстытут. Настаўнічала на Міншчыне. Жыве ў в.Данілавічы. З 1988г. друкуецца ў раённай газеце, у часопісе "Вожык", шэрагу паэтычных зборнікаў абласнога клуба кампазітараў і паэтаў "Жывіца". Аўтар паэтычнай кнігі "Жыву, спадзяюся ...".

ДЗМІТРАКОЎ Андрэй Юр'евіч. Пражывае ў Дзяржынску. Аўтар зборніка апавяданняў "Калі прыходзяць анёлы" (2009).

 

КРУГЛІК Людміла Уладзіміраўна (нарадз. ў Нясвіжы). Яшчэ ў школьныя гады выявіла здольнасці да паэтычнай творчасці. Доўгія гады жыцця і працы ў Дзяржынску адточвала сваё майстэрства. Вышэйшая педагагічная адукацыя, работа настаўнікам спрыялі яе творчасці. Аб гэтым сведчыць і сама назва першага паэтычнага зборніка - "Мелодыя душы". Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2014 г., аўтар пяці паэтычных зборнікаў.

 

КУРТАВА Любоў Сямёнаўна (нарадз. 1942г. у Смаленску). Мае вышэйшую пед. адукацыю. Выкладчык педагогікі і псіхалогіі. Працяглы час працавала ў сферы адукацыі, у апошні час - інспектарам аддзела адукацыі Дзяржынскага райвыканкама. Сваю кнігу вершаў аўтар назвала «Струны маёй душы». Аўтар трох паэтычных зборнікаў.

 

КЛІМІХІНА Марына Віктараўна (нарадз. ў 1962г.). Скончыла Мінскі тэхнікум гандлю. Вершы пачала пісаць у дзіцячым узросце. Актыўна супрацоўнічае з газетай "Узвышша". Пераможца і лаўрэат некалькіх творчых конкурсаў. Аўтар слоў гімна Дзяржынска.

 

САВІНАЎ Барыс Фёдаравіч. Нарадзіўся ў 1946 г. ў г.Карабаш Чалябінскай вобласці Расіі. Быў выхавацелем і настаўнікам гісторыі, карэспандэнтам Карабашскай гарадской газеты. Потым закончыў філасофскае аддзяленне гістфака БДУ. З 1970г. жыве ў Фаніпалі, затым у Дзяржынску. Працаваў на розных пасадах у сферы дзяржкірвання і сістэме адукацыі.

   Рэгулярна публікаваўся з нарысамі, артыкуламі і вершамі на старонках раённай, абласной і рэспубліканскіх газет. За некалькі апошніх гадоў выдаў восем зборнікаў вершаў, у якія ўвайшлі як новыя творы, так і напісаныя ў розны час. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 

СТЭЛЬМАХ Алена Aнатольеўна. Нарадзілася ў 1965г. на Дзяржыншчыне ў сям'і інтэлігентаў. Скончыла журфак БДУ. Працавала заг. сельгасаддзела дзяржынскай “раёнкі”, гал. рэдакт. "Белорусской лесной газеты". У пачатку 2010 г. вярнулася ў “раёнку” у якасці яе кіраўніка. Цяпер – галоўны рэдактар часопіса “Родная прырода”.

   Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2012 г. Аўтар казкі “Дуб і крумкач”, апавяданняў “Ленка і Генка”, “Страта”, шэрагу вершаў, суаўтар казкі “В гостях у Франциска Скорины».

 

ШКЕЛЬ Павел Уладзіміравіч (нарадз. ў в.Венера Лагойскага р-на). Усё сваё жыццё прысвяціў абароне краіны. Падпалкоўнік у адстаўцы, жыве ў Дзяржынску. Кола яго творчых інтарэсаў разнастайнае. Ваенная служба ўнесла свой яркі каларыт ў яго паэзію. Ганарыцца зборнікам выбраных вершаў.

 

KAЗAK Галіна Аляксандраўна (нар. ў 1967г. у в.Булынкі Дзярж. р-на). Пасля заканчэння сярэдняй школы вучылася ў Мінскім тэхнічным вучылішчы электронікі №76, пасля працавала кантралёрам на ВА "Інтэграл", затым - мастацкім кіраўніком у Томкавіцкім сельскім Доме культуры.

 

АНІСОВІЧ Антон Браніслававіч (нарадз. ў 1948г. у в. Саковічы Дзярж. р-на). Скончыў філасофскае аддзяленне БДУ, музычнае вучылішча. Працаваў у сферы культуры, на грамадскай працы. Выкладаў гісторыю і чалавеказнаўства, быў дырэктарам Татаршчынскай сярэдняй школы. Яго вершы і зараз друкуюцца на старонках раённай газеты. У яго творчым багажы паэтычны зборнік “На ўзвышшы.

 

ФІНКЕР Аляксандр Аркадзьевіч (нарадз. ў 1938г. у Віцебску). Скончыў Дзмітраўградскі педагагічны інстытут. З 1961г. жыве ў Дзяржынску. Працаваў у СШ №2 і ў аддзеле народнай адукацыі райвыканкама. Друкуецца ў раённай газеце.

 

 

МАТУСЕВІЧ Ірына Уладзіміраўна (нарадз. ў в.Волма Дзярж. р-на). Педагог па адукацыі. Працавала ў рэспубліканскім часопісе "Родная прырода". З верасня 2010г. па ліпень 2017г.- загадчыца аддзела Дзяржынскай раённай газеты "Узвышша". Аўтар замалёвак “з жыцця”. Была клапатлівым настаўнікам, творчым і духоўным кіраўніком паэтаў Дзяржыншчыны.


Опубликовано: 17 июля 2017 / Просмотров: 12977